* * * Конкурс маладых паэтаў “Плястылінавы бусел” з разу ў раз пашырае сваю геаграфію – гэты фэст можна з нацяжкаю лічыць міжнародным (паводле складу журы). Але ці падымаецца ён на новыя вышыні ў пляне якасьці – пытаньне. Ва ўсялякім выпадку, шукальнікі зарытых у зямлю талентаў, узяўшыся за саўкі ды рыдлёўкі, дружна кінуліся выкопваць з тутэйшай глебы паэтычныя скарбы, і вось што з гэтага выйшла. Місія: раскопкі маладасьледваных аўтарскіх пластоў на прадмет пошукаў маладых талентаў. Мейсца раскопак: горад Магільны, Бібліятэка імя Ул.Леніна, малая канцэртная зала. Час правядзеньня: 15 траўня 20006 Адказныя талентакапальшчыкі (журы): Эдуард Мядведзкі - магілёўскі журналіст, паэт, крытык. Сьмерць для пачынаючых графаманаў; Слава Новікаў - рэдактар віцебскага часопісу “Идиот”; Павал Хобат - паэт, дызайнэр, арганізатар, журналіст, etc; прыехаў стопам з Казані; Шэндэраў Віталь – прадстаўнік ГА “Ахова птушак Беларусі”, наш арніталягічны спонсар і абсалютова незалежны ад акадэмічна-паэтычных забабонаў экспэрт; Нізаўцова Натальля - псыхоляг і сацыяльны пэдагог; відаць, запрошаная сачыць за душэўным здароўем і маральным абліччам канкурсантаў. Экспазыцыя: выступоўцы, па традыцыі, хвалююцца – пераважна жаночая іх частка (маладая паэтка К*** заўважана за распіцьцём на задніх шэрагах валяр’янкі з рук бывалага паэта В***). Журы вострыць іклы й кіпці, публіка паступова прыбывае і запаўняе крыху больш, чым палову залы. Хронікі раскопак: Задаваць старт фэсту мусіў ляўрэат 2-га “Бусла” Зьміцер Міронаў, але па тэхнічных прычынах выступ адкладзены. Таму спрабвала разагрэць народ першая канкурсантка, выпусьніца філфаку пэдунівэра, сарамлівая і летуценная Нікадзімава Аксана, пры напружваньні ўяўленьня нагадвала нейкую танклявую міфічную істоту, што яна сама з прыдыханьнем пацьвердзіла“Когда я умру, я превращусь в русалку” (нехта з суседзяў імгненна адрэагаваў “Толькі зараз на сцэне не памірай”). Але ўсё сканчылася гэпі-эндам, і кісейную спадарыню зьмяніла ў нейкай ступені антыпод – усьмешлівая й непасрэдная Тацяна Дрыбінская. Дзяўчо ледзьве даставала да мікрафону, калі яго наладзілі, сьціпла паведаміла, што зьяўляецца майстрам спорту па… вольнай барацьбе. Што не замінала ёй гэтаксама хвалявацца. Прагучаў жыцьцярадасны верш “Мне нужен только шанс” з драматычнай перадгісторыяй: ён прымроіўся Тані, калі тая ехала на лыжах і упала.Нікога не пакінула абыякавым байка “О черве” з брутальнай высновай: “Уж если ты до цели добрался, смотри не обрыгайся”. Нядзіўна, што Тацяна знайшла сярод слухачоў прыхільнікаў сваёй творчасці. Галярэю маладых-прывабных паэтак працягвала Кісялёва Інга, другакурсьніца музычнай вучэльні імя Рымскага-Корсакава. Дзяўчына ва ўсю старалася падавацца рамантычна-сэнтымэнтальнай: “Нервная рвота спасающих вод…” і г.д. (нехта сонным голасам мармыча – “разбудзіце, як гарбату будуць раздаваць”) Аднак да гарбаты было яшчэ далёка, і на памосткі ўзыйшоў рыцар пяра і гітары (канцэртны вобраз), электрагазазваршчык 5-га разраду (па жыцьці) Бублікаў Алег. Безназоўныя прадукты сваёй творчасьці ён агучваў тонкім і хрыпатым голасам пад немудрагелісты гітарны акампанэмэнт. З паўтара дзесятка недабразычліўцаў плаўна рэтыраваліся ў карыдор, і таму камэнтар вядучага - “Гэты чалавек парваў залу!” – тычыўся, напэўна, не ўсіх. Вечна папулярную тэму каханьня, а заадно й здрады падхапіў Чэцкі Ігар, другакурсьнік хіміка-тэхналягічнага тэхнікуму, а ў вольны час “наивный искатель любви”: вершы “Сад любви” ,“Любовь идиота”. Камэнтаваць цяжка – працытую: “оазис любви поглотила пустыня”, і наогул, “в саду любви зачахли розы”. Прынцыпова розьніўся ад папярэдняга толькі адсутнасьцю гітары. Даўгачаканы і працяглы антракт даў невялікую перадышку стваральнікам краснага пісьменства, і збольшага публіцы, заўважна перасычанай інтымнай лірыкай. Бальсанам на душу гучала з дапатопнага грабафоннага апарату ЦЕРКОВЬ ДЕТСТВА (“Я ненавижу девочек…”) і гістэроідныя ГЛЮКІ. Але арганізатары зразумелі, што годзе гуляць, і рапачалося другое адзьдзяленьне, на мой погляд, куды лепшае ды больш дынамічнае за першае. Зьявіўся абяцаны Зьміцер Міронаў, абаяльны лысы хлопец у камуфляжных штанах, відаць па ўсім, “в жизни парень бесконечно добрый”. Ён лішні раз даводзіў прапісную чэхаўскую ісьцьну пра сястрынска-братэрскую сувязь краткасьці з талентам (больш за тое, схіляючы іх у сваіх мініатурах-абсурдах на дзікі інцэст). Па-мойму, жыцьцёвым крэдам Зьмітра (няхай ён ня крыўдзіцца) маглі б быць ягоныя радкі: “Тебя, шизофрения, не забуду”. Шкада толькі, што выступаў па-за конкурсам. Адною з самых яркіх плямаў фэсту выглядаў Улад Лісін, пятнаццацігадовы навучэнец гімназіі. Хлопцу на сцэне відавочна бракавала ўпэўненасьці, адсюль, мабыць невялікія хібы ў пляне дэклямацыі. Але ягоныя вершы, здаецца, былі ці не самыя дарослыя, асэнсаваныя і больш-менш тэхнічна “прычасаныя” з усяго прачытанага на пятым “Бусьле” “Я – лишь нелепость, стихи мои - шутка”,“хватит творить, ведь и так мы все – твари”. І ўсё ж, адчуваецца, што ў Славы маецца планка, якую ён пры жаданьні ў будучыні пераскочыць. Яшчэ адзін школьнік, юны Байдоў Ігар бязьмерна радаваў нас сваёй творчасьцю шансоннага тыпу (ды й чытаў ён сіпла нарасьпеў, не хапала толькі гітаркі ды цыгаркі). Вельмі салідны, сур’ёзны такі таварыш у акулярах, і вершы адпаведныя - “Я бросил кости”(з задніх шэрагаў зларадна “Ага. Я бросил Костю”), “Я не верю”, штосьці страшна філязофскае пра кулю – карацей, не зусім блатняк, але ўсё ж такі шансон. На дэсэрт была прыхавана самая гераічная, не ўключаная нават у сьпісы для галасаваньня, паненка Кацярына Юрчанкова, навучэнка Бібліятэчнага тэхнікуму. Дзяўчына па-магчымасьці рыфмавана выказвала сваю грамадзянскую пазыцыю – погляд на ўсім вядомыя падзеі 19 сакавіка 2006 года (калі пастарацца, можна было прасачыць у Каціным вершы нейкую крамолу). Спрабавала штосьці крытыкаваць, і нават пратэставаць – зразумела, у вершы, - супраць уборкі тэрыторыі каля ўлюбёнага тэхнікуму, аддаючы перавагу пафаснаму мэсэджу перад мастацкімі вартасьцямі Аўтарка абмежавалася невялікай колькасьцю сваіх твораў (маўляў, на 10 од строгага рэжыму хопіць і гэтага), затое працытавала хрэстаматыйнага Бялінскага: “умець пісаць вершы не значыць яшчэ быць добрым паэтам. Усе кнігарні заваленыя доказам гэтае ісьціны”. Гэта быў апошні канкурсант, і пакуль самае строгае ў сьвеце журы выстаўляла балы і займалася падлікам галасоў, чытала свае пазытыўныя вершы пра вясну, мары ды шчасьце Дрыбінская Аленка, якая сёньня разам з парубкам Ігарам была за тамаду. Пераняў ініцыятыву казанскі тандэм “Павал Хобат энд Ружовы Слонік” зь вершамі “Декабрьский вальс”, “Котёнок”, і нават сьвежанапісанае на магілёўскай зямлі - як Хобат “на мёртвом погосте съел колдуна”. Павал заклікаў закідаць яго памідорамі ды прапанаваў праект “бульбаправода Беларусь-Татарстан”. Вынікі раскопак: Асацыяльны пэдагог разам з Славаю Новікавым ўзнагародзілі ўдзельнікаў сэртыфікатамі ды арніталягічнымі брашуркамі, пасьдя чаго Хобат і Эдуард Мядведзкі абвесьцілі пераможцаў – мейсцы разьмеркаваліся наступным чынам: 3-е: “за глыбокі позірк на сьвет” атрымала Кісялёва Іна 2-е: “за сьмелае выражэньне ўнутранага сьвету” – Улад Лісін 1-е: “за пазытыў” было прысуджана Дрыбінскай Тані (розьніца са Славам складала 1 бал) Затое прыз глядацкіх сымпатыяў – дастаўся Уладу Лісіну, як і спэцпрыз ад Славы Новікава – часопіс “Идиот” у электронным выкладзе. Рэфлексіі з нагоды: Прамалінейны Эдуард Мядведзкі па традыцыі не забыў пахваліць і абнадзеіць канкурсантаў, маўляў, “тэорыя адсутнічае цалкам, форма кульгае, двое выступоўцаў злоўжывалі трасянкай”. І наогул, “крый бог каму стаць паэтам, бо паэтам грошай не плацяць”. Трыюмфатар Улад Лісін: “Рад прызнаньню. За першае мейсца не крыўдую – журы відней, хто лепшы. Прытым што мяне сам Яравікоў запрасіў на паседжаньне свайго паэтычнага клюбу. А наогул, мне дапамог допінг – Кока-Кола!” Гераічная Каця Юрчанкова скардзілася, што яе так і нікуды не забралі, хаця было за што, і таму мае намер падчас наступных выбараў балятавацца ў мясцовы савет дэпутатаў. Інтэрнацыянальны Павал Хобат зазначыў надзвычайнае падабенства Беларусі і Татарстана, але доўга ня мог разабрацца, у каго з нас лепшая дыктатура, а падумаўшы, прапанаваў аб’яднацца нашым братнім рэспублікам і далучыць да сябе Маскоўскі рэгіён (вядома, без Масквы). “Параўноўваючы “Плястылінавага Бусла” з тым, што праводзіцца ў нас, сьцьвярджаю: тое, што я сёньня бачыў – проста супэр. Плястылiнавы бусел-5 (Ziaziula, www.aist.morok.ru, май 2006)
Источник: http://www.morok.ru |